Новости проекта
Мобильное приложение Schools.by
Переход платформы на новый учебный год!

Інструктыўна-метадычнае пісьмо па арганізацыі працы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні

Дата: 4 февраля в 13:02

Інструктыўна-метадычнае пісьмо

па арганізацыі працы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні

З мэтай удасканалення форм і метадаў патрыятычнага выхавання вучняў з 01.09.2021 ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца новая пасада «Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні».

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні прымаецца на працу загадам дырэктара ўстановы адукацыі з ліку асоб з правам нашэння ваеннай формы, якія маюць:

вышэйшую адукацыю, вопыт ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь або асвоіўшых праграмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу на ваенных кафедрах грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі;

вышэйшую адукацыю і перападрыхтоўку па профілях «Педагогіка», «Педагогіка. Прафесійная адукацыя» і вопыт службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь або асвоіўшых праграмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу на ваенных кафедрах грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

Службовыя абавязкі і кваліфікацыйныя патрабаванні ўключаны ў 28 выпуск Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых «Пасады служачых, занятых у адукацыі», зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69.

Пунктам 12 Агульных палажэнняў устаноўлена, што на пасады служачых у парадку выключэння наймальнік можа прызначыць (прыняць на працу) асоб, адукацыя і (або) стаж працы якіх не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным кваліфікацыйнымі характарыстыкамі адпаведнай пасады, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Пры гэтым улічваюцца: узровень і профіль (кірунак) адукацыі работніка, яго спецыяльнасць і кваліфікацыя; спецыяльныя веды і дзелавыя якасці; вопыт працы па адпаведным кірунку дзейнасці; ініцыятыўнае і творчае стаўленне да працы і іншыя фактары.

Умовы аплаты працы кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноўлены пастановай Міністэрства адукацыі ад 03.06.2019 № 71, працягласць асноўнага водпуску – пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.01.2020 № 49.

Пры арганізацыі выхаваўчай работы кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні варта кіравацца наступнымі дакументамі: Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» (ад 05.11.1992 № 1914-XII), Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021–2025 гг., іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць адукацыйны працэс.

Галоўнай задачай кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з'яўляецца арганізацыя і каардынацыя ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, накіраванага на фарміраванне ў вучняў патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Айчыне, гатоўнасці да выканання задач па забеспячэнні абароны Айчыны і авалодання неабходнымі для гэтага ведамі, уменнямі і навыкамі, а таксама арганізацыя ўзаемадзеяння з усімі патэнцыяльнымі суб'ектамі ваенна-патрыятычнага выхавання.

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з'яўляюцца:

арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці;

правядзенне прафарыентацыйнай работы з вучнямі для ўсвядомленага выбару імі навучання ў ваенных установах адукацыі;

ажыццяўленне абавязковай падрыхтоўкі дапрызыўнікаў да ваеннай службы ва ўзаемадзеянні з камандзірамі воінскіх часцей, падраздзяленняў, начальнікамі факультэтаў (ваенных кафедр);

ажыццяўленне ўліку ваеннаабавязаных ва ўстанове адукацыі і прадстаўленне справаздач ў ваенныя камісарыяты, аказанне дапамогі ваенным камісарыятам у адборы юнакоў для паступлення ў ваенныя ўстановы адукацыі;

каардынацыя працы па пытаннях забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці вучняў і інш.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мае права весці вучэбны прадмет «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», які выкладаецца ў 10–11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў колькасці 1 гадзіна на тыдзень, праводзіць вучэбна-палявы збор пасля 10 класа (вучэбны прадмет «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» і правядзенне вучэбна-палявога збору прадугледжаны тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі і з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх вучняў), факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, такія, як «Гатовы Радзіме служыць», «Юныя абаронцы Айчыны», ажыццяўляць адукацыйны працэс у рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыятычнага профілю ў аб'яднаннях па інтарэсах або індывідуальна з улікам узросту вучняў (адукацыйныя галіны праграм ваенна-патрыятычнага профілю «Пошукавікі-даследчыкі» і «Падрыхтоўка да ваеннай службы»).

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні падпарадкоўваецца непасрэдна намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце. Намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце неабходна ўключыць пытанні разгляду дзейнасці работы па ваенна-патрыятычным выхаванні ў план кантрольных мерапрыемстваў. У межах установы адукацыі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ўзаемадзейнічае з класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам, кіраўніком па фізічным выхаванні, настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя, кіраўніком музея ўстановы адукацыі (пры наяўнасці), а таксама па забеспячэнні бяспекі з адказнай асобай па гэтым пытанні.

Арганізацыя і планаванне дзейнасці кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гадавым планам работы ўстановы адукацыі, праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021–2025 гг., у якой вызначаны асноўныя Рэспубліканскія мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Да асноўных форм правядзення мерапрыемстваў па ваенна-патрыятычным выхаванні можна аднесці: урокі мужнасці, дні воінскай славы, мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці загінуўшых у барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы (штогадовая Вахта памяці каля Вечнага агню 9 мая, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і інш.), сустрэчы з ветэранамі і аказанне ім шэфскай дапамогі, тэматычныя экскурсіі ў музеі і воінскія часці, прагляд і абмеркаванне кінафільмаў ваеннай тэматыкі, квэст-гульні, спартыўна-масавыя мерапрыемствы (ваенна-спартыўныя гульні «Зарнічка», «Зарніца», спартакіяда дапрызыўнай моладзі) і іншыя патрыятычныя праекты і конкурсы.

Выхаванню ў вучняў гатоўнасці да выканання абавязкаў па абароне Айчыны будзе спрыяць удзел у рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага характару, а таксама ў рэспубліканскай спартакіядзе па праграме зімовага і летняга мнагабор'я «Абаронца Айчыны» сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту ў межах Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Таксама ў мэтах павышэння эфектыўнасці выхаваўчай работы і правядзення сумесных мерапрыемстваў кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні варта наладзіць супрацоўніцтва з воінскімі часткамі, дзіцячымі і моладзевымі грамадскімі аб'яднаннямі (ГА «БРСМ», ГА «БРПА»), ДТСААФ, ветэранскімі аб'яднаннямі, патрыятычнымі клубамі.

Кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні пры арганізацыі працы рэкамендуецца выкарыстоўваць патэнцыял музеяў устаноў адукацыі, турысцка-краязнаўчай работы (экскурсіі, паходы па месцах баявой славы), пошукавай дзейнасці (збор матэрыялу пра лёс сваіх продкаў, сваякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, збор дадзеных аб ветэранах, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, да якога адносіцца ўстанова адукацыі, праца з архіўнымі дакументамі, шэфства над салдацкімі пахаваннямі і помнікамі воінам і інш.).

Пры выбары метадаў і форм арганізацыі работы па ваенна-патрыятычным выхаванні важна ўлічваць узроставыя асаблівасці, узровень фізічнай падрыхтоўкі, схільнасці і інтарэсы вучняў, спецыфіку і месца размяшчэння ўстановы адукацыі. Прыярытэтную ўвагу трэба надаваць выкарыстанню найбольш значных, комплексных доўгачасовых форм ваенна-патрыятычнага выхавання, якія маюць найбольшую эфектыўнасць у падрыхтоўцы да ваеннай службы (месячнікі абаронна-масавай работы, профільныя лагеры ваенна-патрыятычнай накіраванасці, пошукавая дзейнасць, праца з ваенна-патрыятычнымі аб'яднаннямі (клубамі), ваенна-спартыўныя гульні і інш.).

Прафесійная арыентацыя вучняў на ўсвядомлены выбар ваеннай прафесіі можа праводзіцца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні па наступных напрамках:

1. Інфармаванне – знаёмства вучняў з ваеннымі і роднаснымі ім грамадзянскімі прафесіямі, воінскімі пасадамі і званнямі, ваеннай формай, патрабаваннямі да асобасных якасцей чалавека і інш.; інфармаванне вучняў аб ваенных вучэбных установах Рэспублікі Беларусь (у тым ліку, арганізацыя для вучняў экскурсій у ваенныя вучэбныя ўстановы), патрабаваннях да асобасных якасцей вайскоўца і асаблівасцях падрыхтоўкі да службы ва Узброеных Сілах.

2. Кансультаванне – рэкамендацыя старшакласніку спецыяльнасцей і вучэбных устаноў з улікам яго прафесійнай накіраванасці. Пры гэтым неабходна ўлічваць асобасныя асаблівасці кожнага вучня, яго інтарэсы і здольнасці, наяўнасць агульнай і ваенна-спартыўнай падрыхтоўкі. Дадзеную дзейнасць рэкамендуецца ажыццяўляць сумесна з педагогамі-псіхолагамі.

Павышэнню эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы і фарміраванню ў вучняў пазітыўнага стаўлення да ваеннай службы будзе спрыяць супрацоўніцтва з воінскімі часткамі, замацаванымі за ўстановамі адукацыі на аснове заключэння афіцыйных дагавораў. Яно прадугледжвае арганізацыю экскурсій у воінскія часткі, правядзенне Дзён адчыненых дзвярэй, Дзён прызыўніка, арганізацыю для вучняў сустрэч з вайскоўцамі, круглых сталоў, вечароў пытанняў і адказаў (для азнаямлення вучняў з парадкам праходжання вайсковай службы, паступлення ў ваенныя вучэбныя ўстановы) і навучанне ў іх, сумеснае святкаванне Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, іншых дзяржаўных свят, святочных дзён і памятных дат, сумеснае правядзенне спартыўных мерапрыемстваў.

У межах дапрызыўнай падрыхтоўкі вучняў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні арганізуе ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі (Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь) з мэтай вырашэння наступных пытанняў:

забеспячэнне сродкамі навучання і інвентаром, неабходным для арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», правядзення спаборніцтваў па ваенна-прыкладных відах спорту і іншых мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці;

арганізацыя і правядзенне вучэбна-палявых збораў з вучнямі 10 класаў;

арганізацыя аздараўленчых лагераў (змен) ваенна-патрыятычнага профілю.

Звяртаем увагу, што спецыфіка мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці і падрыхтоўкі да ваеннай службы, якая прадугледжвае дзеянні ў незнаёмай абстаноўцы, пераадоленне цяжкасцей, выкарыстанне асаблівых навыкаў і ўменняў, патрабуе строгага захавання правіл бяспекі. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні з'яўляецца адказным за захаванне правіл і норм бяспекі.

З мэтай далучэння вучняў да захавання бяспекі падчас адукацыйнага працэсу і выканання правіл унутранага распарадку ўстановы адукацыі кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні варта ўключыцца ў працу па няўхільным выкананні патрабаванняў карыстання мабільнымі сродкамі сувязі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 14.03.2019 года № 156 «Аб мерах, накіраваных на ўдасканаленне дзейнасці па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання вучняў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Рэкамендуецца запланаваць розныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне культуры выкарыстання мабільных сродкаў і мінімізацыю іх шкоднага ўздзеяння на арганізм непаўналетніх, які расце. Гэта могуць быць сустрэчы з медработнікамі, прафілактычныя гутаркі, інтэрактыўныя гульні, віктарыны, квэсты з выкарыстаннем патэнцыялу інфармацыйных і класных гадзін.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.