Знаменитые выпускники

Дата: 3 ноября 2016 в 10:04, Обновлено 3 ноября 2016 в 12:13

Гурыновіч Анатоль Емяльянавіч, нарадзіўся 09.09.1924 г. у в. Вінаградаўка Чэрвеньскага раёна. Беларускі дзяржаўны дзеяч. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў в. Пярэжыр, дзе скончыў школу, а ў 1949 г. Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, у 1951 г. Вышэйшую дыпламатычную школу МЗС СССР. У час Вялікай Айчыннай вайны  з 1941 г. сувязны Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б, з 1943 г. партызан атрада “Радзіма” брыгады “Разгром” Мінскай вобласці. У 1944 – 1945 гг. быў на савецкай і гаспадарчай рабоце, з 1951 г. у Міністэрстве замежных спраў БССР, у 1956 – 1961 гг. на рабоце ў прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, загадчык аддзела Міжнародных эканамічных арганізацый МЗС БССР, з верасня 1961 г. намеснік міністра, з мая 1966 г. міністр замежных спраў БССР. Узначальваў дэлегацыі БССР на ХХІІ (1966), ХХІІІ (1968), ХХІV (1969), ХХV (1970) сесіях Генеральнай асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 7 - 8-га скліканняў. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яго імя носіць Пярэжырская сярэдняя школа.

Крук Аркадзь Сцяпанавіч, нарадзіўся 16.02.1920 г. у в. Яснаўка. Беларускі вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Доктар медыцынскіх навук (1967), прафесар (1986). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1980). Вучыўся ў Пярэжырскай школе, на рабфаку ў Мінску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1951 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, з 1958 г. працаваў у ім (у 1961 - 1985 гг. прарэктар, у 1965 – 1987 гг. загадчык кафедры). Аўтар шматлікіх навуковых прац па вывучэнні паталогіі гнойнай касцявой раны і дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцявой тканцы пры артапедычнай паталогіі.

Крук Іван Фёдаравіч, нарадзіўся 24.03.1909 г. у в. Забалацце. Беларускі вучоны ў галіне таваразнаўства. Доктар тэхнічных навук, прафесар (1971). У 1932 г. скончыў Беларускі таваразнаўчы інстытут. У 1944 – 1967 гг. працаваў у Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі (з 1962 г. загадчык кафедры). Аўтар шматлікіх навуковых прац па даследаванні таваразнаўчых, біяхімічных і тэхналагічных уласцівасцей збожжа і прадуктаў іх перапрацоўкі. Памёр 16.12.1992 г.

 

Прохарчык Іна Васільеўна, нарадзілася ў 1938 г. у в. Зазерка Пярэжырскага сельсавета. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Скончыла Пярэжырскую сярэднюю школу, Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працавала на доследнай селекцыйнай станцыі “Зазер’е”. Пасля апірантуры малодшы, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута земляробства Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх навуковых прац.

 

 

Чахоўскі Іван Аляксандравіч, нарадзіўся 25.07.1928 г. у в. Рыбцы. Беларускі вучоны-медык. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. У 1946 г. скончыў Пярэжырскую СШ, а ў 1951 г. – Мінскі медыцынскі інстытут. Служыў 6 гадоў у Ваенна-Марскім флоце на пасадзе доктара-гігіеніста. Дэмабілізаваўся ў званні капітана медыцынскай службы і паступіў у аспірантуру Мінскага медыцынскага інстытута. Працаваў галоўным санітарным урачом г. Мінска (1961 - 1967). З 1967 г. узначальвае кафедру гігіены ў Мінскім медыцынскім інстытуце. Аўтар 160 навуковых прац і энцыклапедычнага дапаможніка “Культура харчавання”.

Баркун Мікалай Якаўлевіч, нарадзіўся 06.03.1937 г. у в. Лешніца. Герой Сацыялістычнай Працы (1976). З 1958 г. слесар-інструментальшчык, з 1976 г. брыгадзір камсамольска-маладзёжнай брыгады Мінскага радыёзавода вытворчага аб’яднання “Гарызонт”. Званне Героя прысвоена за поспехі ў выкананні заданняў 9-ай пяцігодкі, вялікі ўклад у павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі.

Лапатка Галіна Аляксандраўна, нарадзілася ў 1940 г. у в. Зазерка. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1974). Скончыла Пярэжырскую сярэднюю школу (1957), Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум (1960), Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1967). Працавала ў гэтым жа інстытуце (1960 - 1974), у Беларускім навукова-даследчым інстытуце земляробства (1974 - 1996). Вывела сарты жыта “Пухавічанка”, “Ігуменка”, “Жнівень”.

Каўнацкі Міхаіл Міхайлавіч, нарадзіўся 13.01.1960 г. у в. Забалацце, прапаршчык звыштэрміновай службы. У 1977 г. скончыў Пярэжырскую сярэднюю школу, працаваў у Міханавіцкім аб’яднанні “Сельгастэхніка”. З 1978 г. у Савецкай Арміі. У 1980 г. скончыў школу прапаршчыкаў і накіраваны ў Афганістан. Загінуў 24.08.1980 г. пры выкананні баявога задання. Пахаваны ў в. Забалоцце. За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.